ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для вымярэння электрычных, а таксама неэлектрычных (т-ры, ціску і інш.) велічынь эл. метадамі. Бываюць непасрэднай ацэнкі і кампарацыйныя (прылады параўнання), з візуальным адлікам і рэгістрацыйныя, ручнога дзеяння і аўтам. (гл. Вымяральныя прылады).

Залежна ад спосабу ператварэння эл.-магн. энергіі ў механічную Э.п. падзяляюцца на магнітаэл., электрамагн., электрадынамічныя, электрастатычныя, ферадынамічныя і індукцыйнай вымяральнай сістэмы прылады (гл. адпаведныя арт.). Найб. пашыраны прылады для вымярэння току (амперметры, гальванометры), напружання (вальтметры), магутнасці (ватметры), супраціўлення (омметры), колькасці эл. энергіі (лічыльнікі электрычныя), электраёмістасці (фарадметры), частаты (частатамеры), каэф. магутнасці (фазометры). Для вымярэння параметраў эл. працэсаў выкарыстоўваюцца асцылографы. Бываюць прылады сумешчаныя (ампервальтомметры) і з дапаможнымі прыстасаваннямі (патэнцыяметры, вымяральныя магазіны). Для пераўтварэння фіз. велічынь, што вымяраюцца, у эл. сігналы выкарыстоўваюць вымяральныя пераўтваральнікі.

У.​М.​Сацута.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)